СПЕЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ НАВУ́КІ, дапаможныя гістарычныя дысцыпліны,

зборная назва шэрагу навук. дысцыплін, якія даследуюць асобныя аспекты гісторыі грамадства, тэорыі і метадалогіі гіст. навукі, агульныя і канкрэтныя пытанні методыкі і тэхнікі гіст. даследавання. Большасць С.г.н. развілася з т.зв. дапаможных гіст. дысцыплін (гэты тэрмін шырока ўжываўся з канца 19 ст.), да якіх адносілі этнаграфію, археалогію, антрапалогію, геаграфію гістарычную і інш. У пасляваенны перыяд гэтыя дысцыпліны ў сувязі з іх пэўнымі дасягненнямі сталі называцца спецыяльнымі. Да канца 20 ст. сфарміраваліся са сваімі прадметамі, аб’ектамі і метадамі даследавання археалогія, гістарыяграфія, гіст. геаграфія, гіст. дэмаграфія, метадалогія гісторыі, тапаніміка, фалькларыстыка, этналогія (этнаграфія) і інш. Гэтыя навукі маюць багатыя традыцыі, высокі ўзровень развіцця ў свеце і пэўныя дасягненні на Беларусі. Ад С.г.н. адрозніваюць дапаможныя гіст. дысцыпліны, асн. прызначэнне якіх — абслугоўванне гісторыі як навукі, дапамога ў вырашэнні яе гал. задачы — даследаванні мінулага чалавецтва ва ўсёй яго разнастайнасці і канкрэтным праяўленні. Сярод дапаможных гіст. дысцыплін асобнае месца належыць крыніцазнаўству, задачай якога з’яўляецца распрацоўка тэорыі, гісторыі і методыкі вывучэння і выкарыстання гіст. крыніц. Дапаможныя гіст. дысцыпліны падзяляюцца на 2 групы: якія вывучаюць розныя віды крыніц, але кожная толькі адзін які-небудзь іх бок (археаграфія, архівазнаўства, генеалогія, метралогія гістарычная, палеаграфія, тэксталогія, гіст. храналогія, эпіграфіка) якія даследуюць пэўны від крыніц, але з усебаковым разглядам асаблівасцей іх форм і зместу (геральдыка, дыпламатыка, іканаграфія, нумізматыка, сфрагістыка, філатэлія, фалерыстыка, баністыка, вексілалогія). Існуюць розныя пункты погляду на склад і колькасць дапаможных гіст. дысцыплін. Так, не прызнаюцца асобнымі дапаможнымі гіст. дысцыплінамі берасталогія, кадыкалогія, археалогія і інш. С.г.н. і дапаможныя гіст. дысцыпліны цесна ўзаемазвязаны паміж сабой і інш. гуманітарнымі навукамі; іх даныя выкарыстоўваюцца даследчыкамі комплексна. Пры карыстанні гэтымі тэрмінамі варта ўлічваць іх умоўнасць. У наш час усё больш сціраюцца грані паміж навукамі, якія здабываюць гіст. матэрыял і гіст. інфармацыю з яго, і тымі, што яго выкарыстоўваюць. У канцы 20 ст. ў гіст. навуцы сфарміраваліся т. зв. найноўшыя гіст. навукі — гіст. антрапалогія, гістарычная інфарматыка, псіхагісторыя, гістарыясофія, сацыяльная гісторыя, гендэрная гісторыя, вусная гісторыя, гісторыя штодзённасці і інш. Аднак у некат. з іх яшчэ дакладна не сфармуляваны метады, кола крыніц і тэорыя самога прадмета даследавання.

Літ.:

Вспомогательные исторические дисциплины. Т. 1—26. Л., 1968—98;

Козлов Л.Р. Вспомогательные исторические дисциплины. Мн., 1980;

гл. таксама пры арт. пра адпаведныя С.г.н. і дапаможныя гіст. дысцыпліны.

У.​М.​Міхнюк.

т. 15, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)